АРКТЫ́ЧНЫ АНТЫЦЫКЛО́Н,

вобласць павышанага атм. ціску над Арктыкай. У цэнтры арктычнага антыцыклону ціск перавышае 1020 мб. Больш выразны зімой, калі ў час палярнай ночы халоднае паветра ўшчыльняецца над укрытай лёдам і снегам паверхняй. Пераважае ўстойлівае бязвоблачнае сухое надвор’е. Пад уплывам цыкланічнай дзейнасці ў Атлантычным сектары Арктыкі арктычны антыцыклон перамяшчаецца ў бок Аляскі. Летнія ўмовы аслабляюць антыцыклон. На выш. 3—4 км саступае месца каляпалярнай дэпрэсіі (вобласці нізкага ціску). Вятры з Арктычнага антыцыклону накіраваны ў нізкія шыроты, дзе пад уплывам вярчэння Зямлі набываюць ПнЗ напрамак.

т. 1, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)